Байдачны: Наша зборная не гуляе ў футбол. Мне шкада футбалістаў
Былы трэнер зборнай, а таксама галоўны рэдактар “Прэсбола” прааналізавалі матч Албанія-Беларусь і ацанілі перспектывы нашай каманды.
Зборная Беларусі па футболе ў мінулую суботу прайграла албанцам у матчы адборачнага раўнда да чэмпіянату Еўропы з лікам 0:1. Пройгрышы здараюцца з усімі, але ў гэтым матчы наша каманда выглядала “бяззубай” і разгубленай. За ўвесь матч беларусы толькі двойчы здолелі ўдарыць па варотах!
“Каманда не гуляе ў футбол, – прааналізаваў гульню зборнай па просьбе Еўрарадыё былы яе трэнер Анатоль Байдачны. – Пашанцавала напачатку – пнулі, заткнулі гол. Няма ні схемы, ні сістэмы. Нападаючыя ні пры чым – трэба гульню збудаваць, патрэбны трэнер, які збудуе каманду. Яна будзе гуляць, забіваць, атакаваць. Праблемы не толькі ў тактыцы. Яшчэ і псіхалогія – трэба адбіць “рабскую” псіхалогію ў футбалістаў. Шмат кампанентаў. За тры гады ўвогуле не адбудавана гульня!”
Анатоль Байдачны ўжо звыкла называе Бернда Штанге дылетантам і лічыць, што любы трэнер беларускай вышэйшай лігі мацней за нямецкага спецыяліста.
Жудасныя ўражанні мінулы матч пакінуў і на галоўнага рэдактара спартовай газеты “Прэсбол” Уладзіміра Беражкова. Ён не ўбачыў аніякай трэнерскай устаноўкі і быў здзіўлены кадравымі рашэннямі. Напрыклад, тым, што ў склад не трапіў Павел Няхайчык, на якога разлічвалі таксама і ў маладзёжнай зборнай, але выклікалі ў дарослую.
“Зборная не гуляе, яна пакатуе за гэтыя ачкі. Мы з Францыяй правялі адзін удар па варотах, з румынамі, увогуле, ні разу не ўдарылі. Гэта проста смешна. Каб ускалыхнуць каманду перад далейшымі гульнямі, я б дакладна не праводзіў таварыскай гульні з Канадай. Навошта? Ну адгулялі на сто працэнтаў з албанцамі і адпачываюць футбалісты. Як баснійцы – вырвалі ў румын перамогу – і адпачываюць заслужана. Можа гэта робіцца, каб падняць рэйтынг? Але навошта, калі мы не можам вырашыць свае турнірныя задачы. Навошта гуляць з Аманам, з Тунісам? Гэта шарлатанства і несур’ёзны падыход да справы”.
Наконт далейшых перспектыў Анатоль Байдачны выказваецца скептычна.
“Якія шанцы!? У футболе адна з галоўных рэчаў акрамя выніку, каб на яго народ прыходзіў. Ты мусіш паказваць такую гульню, на якую прыйдзе глядач. Трэба дамагацца таго, каб дастаўляць эстэтычнае задавальненне людзям. Мне футбалістаў шкада. Няўжо футбалістам прыемна ў такі футбол гуляць. Я не магу нікога вылучыць з каманды, я магу толькі пашкадаваць гульцоў і паспачуваць ім. Варатара, якога расстрэльвалі, які бедны выратоўваў усё, што толькі мог”.
Песімістычна былы трэнер настроены да будучых матчаў. На яго думку, сыграць паспяхова наша зборная зможа толькі дома з Люксембургам.“Я думаю, што можна чакаць толькі паспяховай гульні дома з Люксембургам. Хлопцы прыходзяць з клубаў. І з Расіі прыязджаюць, дзе трэнеры добра працуюць. Патрэбны чалавек, які ўсё гэта правільна арганізуе. Пачынаецца сезон, футбалісты прыедуць больш падрыхтаваныя. Яны павінны самі вырашыць задачу перамогі за кошт сваёй падрыхтоўкі ў клубах”.
А вось Уладзімір Беражкоў лічыць, што шансы на другое месца ў групе ў беларусаў застаюцца. “Трэба адэкватна прааналізаваць сітуацыю, не эмацыйна вырашаць. З Францыяй наўрад ці можна разлічваць на тры ачкі. Верагодна, барацьба будзе з Босніяй і Герцагавінай. Яшчэ ёсць матчы, у якіх можна і трэба браць ачкі. У нас чакаюцца вялікія перамены, і я думаю, што новае кіраўніцтва федэрацыі мусіць вырашаць гэту задачу”.
Нагадаем, пасля пройгрышу ў Тыране ў нашых засталося 8 ачкоў. Столькі ж і ў албанцаў. У баснійцаў на адзін бал менш, але ёсць гульня ў запасе.
1. Францыя 12
2. Беларусь 8
3. Албанія 8
4. Боснія і Герцагавіна 7 (матч у запасе)
5. Румынія 2 (матч у запасе)
6. Люксембург 1