Беларус перавозіў праз мяжу мяса ў дзверцах аўто (фота)
Усяго ў яго знайшлі болей за 60 кілаграмаў вэнджанай свініны.
Кантрабанду мяса знайшлі супрацоўнікі мытні ў пункце “Дамачава” на беларуска-польскай мяжы. 39-гадовы жыхар Брэсцкай вобласці вяртаўся дадому з Польшчы на аўтамабілі “Форд Скорпіа”. Мытнікам ён заявіў, што не мае тавараў, якія падлягаюць дэклараванню. Аднак яго вырашылі праверыць.
У выніку праверкі ў машыне знайшлі болей за 60 кілаграмаў вэнджанай свініны, якую кіроўца схаваў у дзверцах аўто.
Мяса і транспартны сродак канфіскаваныя, а ў дачыненні кантрабандыста распачаты адміністратыўны працэс, паведамляе прэс-служба Брэсцкай мытні.


