Беларусь прыме ўдзел 26 сакавіка ў сусветнай акцыі "Гадзіна Зямлі"

Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Мінпрыроды.

У многіх гарадах пагасне не толькі святло, але і падсвечванне найбольш значных культурных і адміністрацыйных будынкаў.

Экалагічнае таварыства "Зялёная сетка" пры падтрымцы Мінпрыроды і дэпартамента па энергаэфектыўнасці традыцыйна заклікалі беларускія арганізацыі шырока падтрымаць акцыю, прадэманстраваць, што Беларусь, як і многія краіны свету, таксама хвалююць глабальныя экалагічныя праблемы і яна гатова прыняць удзел у іх вырашэнні.

"Гадзіна Зямлі" - акцыя Сусветнага фонду дзікай прыроды, якая з 2007 года праводзіцца штогод у апошнюю суботу сакавіка. Упершыню мерапрыемства адбылося ў Сіднэі (Аўстралія). Тады больш як два мільёны жыхароў, а таксама буйных і дробных кампаній Аўстраліі выключылі святло на адну гадзіну. Праз год гэта перарасло ў падзею сусветнага маштабу і прыцягнула амаль 100 млн. удзельнікаў у 35 краінах. Беларусь падтрымлівае кампанію трэці год. Ініцыятарам правядзення акцыі ў Беларусі выступіла экалагічнае таварыства "Зялёная сетка".