Беларуска Таццяна Казыра хоча працягнуць гасцявую візу - амерыканскія СМІ

16-гадовая беларуска Таццяна Казыра, якая знаходзіцца на аздараўленні ў ЗША, адмовілася вяртацца на радзіму. Яна падала дакументы ў іміграцыйную службу ЗША для працягнення гасцявой візы. Пра гэта паведамляюць амерыканскія СМІ.
Нагадаем, дзяўчынка не далучылася да групы беларускіх дзяцей для вяртання ў Беларусь пасля заканчэння адпачынку ў амерыканскіх сем'ях. МЗС Беларусі запатрабаваў ад амерыканскіх уладаў забяспечыць вяртанне на радзіму беларускай групы ў поўным складзе. Учора з'явілася інфармацыя, што беларуска збіраецца вярнуцца.

БелаПАН паведамляе, што Таццяна Казыра з Барысава прыязджала ў сям'ю Мануэла і Дэбі Запата дзевяць гадоў запар. Амерыканскія СМІ адзначаюць, што сёлета быў апошні раз, калі яна магла прыняць удзел у праграме аздараўлення.