Беларуская мытня не хоча павышаць пошліны на аўтамабілі для фізічных асоб

Гэта афіцыйная пазіцыя Дзяржаўнага мытнага камітэту, якую абвясціў намеснік старшыні ДМК Леанід Досаў. Як паведамляе БЕЛТА, мытнікі лічаць, што цяперашнія ўмовы ўвозу аўтамабіляў і мытныя стаўкі на сённяшні дзень аптымальныя. І ўносіць нейкія змены немэтазгодна, заявіў чыноўнік.

Леанід Досаў паведаміў, што цяпер ідуць перамовы наконт памераў ставак увазных мытных пошлінаў для фізічных асобаў. Гэтае пытанне павінна быць канчаткова вырашанае да 1 ліпеня. Мытнікі спадзяюцца, што пытанне будзе вырашанае ўжо ў траўні.

Дарэчы, у першым квартале гэтага года ў Беларусь увезлі 44 тысячы легкавых аўтамабіляў. Гэта ў два разы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.