Беларускі Чырвоны крыж і "Лекары без межаў" збіраюць сродкі для Японіі

Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) і міжнародная арганізацыя "Лекары без межаў" абвясцілі збор грашовых ахвяраванняў для жыхароў Японіі, пацярпелых ад разбуральнага землятрусу і цунамі, а таксама ядзернай тэхнагеннай катастрофы.

Паводле інфармацыі БТЧК, сродкі можна пералічыць на разліковы рахунак 3015740099012, аддзяленне № 539 у ААТ "Белінвестбанк", горад Мінск, код 739, УНП 100265026, БІК (МФТ) 15001739 з паметкай "Дапамога Японіі".

Сабраныя ахвяраванні пойдуць на закупку і транспарціроўку харчавання, медыкаментаў і медыцынскага абсталявання, адзення, сродкаў асабістай гігіены, коўдраў, пітной вады, сродкаў санітарнай ачысткі, абсталявання для ўкрыццяў і прыстанішчаў, сродкаў камунікацыі, пошуку зніклых без вестак і аднаўленне сямейных сувязяў, іншыя патрэбы.

Чырвоны крыж заклікае беларусаў аказаць пасільную дапамогу жыхарам Японіі, піша "Наша Ніва".

Збор сродкаў на дапамогу японцам таксама абвясціла міжнародная арганізацыя "Лекары без межаў". Сродкі неабходныя для накіравання ў пацярпелую ад землятрусу краіну лекараў і іншых прадстаўнікоў арганізацыі. Пералічыць дапамогу можна праз плацежныя сістэмы ў інтэрнэце.