Беларускія аўтадылеры прадракаюць дэградацыю рынка і рост беспрацоўя

Пастанова Саўміна ад 28 ліпеня прывядзе да дэградацыі таварнага рынку і росту беспрацоўя. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы кампаніі "Кітайскія аўтамабілі", перадае БелаПАН.
Нагадаем, гэтым дакументам урад выключыў пасрэднікаў пры рэалізацыі юрыдычным асобам на тэрыторыі краіны айчынных і імпартных тавараў.

Цяпер юрыдычныя асобы павінны набываць тавары ў пастаўшчыкоў, якія з'яўляюцца вытворцамі, або іх афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў.

У кампаніі "Кітайскія аўтамабілі" лічаць, што пастанова прынята з мэтай дэстабілізаваць працу імпарцёраў і знізіць пастаўкі імпарту ў краіну". Гэта прывядзе "да масавага закрыцця малых гандлёва-пасрэдніцкіх прадпрыемстваў, росту беспрацоўя і сацыяльнай напружанасці", лічаць у кампаніі.

Пры гэтым дакумент можа перакрэсліць шматгадовыя намаганні дыстрыб'ютараў аўтамабільных марак па легалізацыі рынку запасных частак да аўтамабіляў.