Беларускія калгасы бяруць крэдыты ў банках, каб выплаціць заробкі

На 28 лютага сельскія гаспадаркі Беларусі не выплацілі амаль 40% заробкаў за студзень. Пра гэта паведамляецца на сайце Міністэрства сельскай гаспадаркі. Аднак на наступны дзень усе грошы выплацілі. Еўрарадыё вырашыла даведацца, дзе калгасы за адзін дзень знайшлі амаль 45 мільярдаў рублёў. Высветлілася, што пэўная частка грошай паступіла на рахунак ад рэалізацыі прадукцыі. Астатнія сродкі сельгаспрадпрыемствы ўзялі ў крэдыт у банку.

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення эканомікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Ганны Андрыевіч, гэта звычайная практыка.

“Яны заўсёды бяруць кароткія крэдыты, у каго не хапае грошай. Нават некаторыя багатыя прадпрыемствы, калі няма наяўных грошай. Бывае, што крэдыт зусім кароткі: на 3-5 дзён, нават на суткі… Напрыклад, выручка не прыйшла на разліковы рахунак”.

Па словах Ганны Андрыевіч, сельгаспрадпрыемствы абавязаныя разлічвацца з працаўнікамі да 25 чысла наступнага месяца. Калі заробкі да гэтага часу не выплачаныя, то ў прадпрыемства ўзнікае запазычанасць, з якой яно павінна разлічыцца да канца месяца.

Гэта і вымушае звяртацца па крэдыты. Што датычыцца бедных калгасаў, якім крэдыты не даюць, то яны звяртаюцца па дапамогу да багацейшых прадпрыемстваў.

“Пад будучую іх выручку, гэтыя гаспадаркі крэдытуюцца праз буйнога і багатага пасярэдніка. І потым сваёй выручкай гаспадарка разлічваецца, ці то малочным заводам, ці то з мясакамбінатам”.