Беларускія кардыёлагі замянілі пацыенту штучнае сэрца на сапраўднае

У Беларусі ўначы 14 кастрычніка адбылася чарговая аперацыя па перасадцы сэрца. У гэты раз пацыентам стаў Міхаіл Ларын, паведамляе БЕЛТА. Ларыну першаму ў краіне ў студзені 2008 года былі імплантаваныя штучныя жалудачкі сэрца. Штучныя жалудачкі сэрца — гэта сардэчныя помпы з запраграмаванай частатой скарачэнняў. Іх камеры знаходзяцца па-за арганізмам, а ў грудной клетцы ўсталёўваюцца магістралі для перацякання крыві ў штучны жалудачак і яе вяртання пацыенту.

Больш за паўгода жыццёвая прастора Міхаіла Ларына была абмежаваная даўжынёй магістраляў, якія злучаюць штучныя жалудачкі сэрца з апаратам кіравання. Затым Ларын быў пераведзены на партатыўны апарат.