Беларускія мытнікі знайшлі мабільныя на 117 тыс. долараў у рэйсавым аўтобусе

Адразу тры спробы незаконнага перамяшчэння мабільных тэлефонаў на больш чым 250 мільёнаў рублёў былі спынены на мінулым тыдні беларускімі мытнікамі ў пункце пропуску "Каменны Лог" на мяжы з Літвой. У прыватнасці, як паведаміла прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта, у выніку праведзенай аперацыі была выяўлена і спынена спроба незаконнага ўвозу з Літвы 171 мабільнага тэлефона коштам, паводле папярэдняй ацэнкі, прыкладна 100 мільёнаў рублёў.

Тавар быў знойдзены ў рэйсавым аўтобусе, што рухаўся па маршруце Вільня — Ашмяны. Таксама былі спынены яшчэ дзве спробы незаконнага ўвозу тэлефонаў. 76 апаратаў і 750 картак памяці да іх коштам, паводле папярэдняй ацэнкі, прыкладна 62 мільёны рублёў былі знойдзены ў тайніку ў рэйсавым аўтобусе "Вільня — Мінск".

Пазней пры праверцы рэйсавага аўтобуса "Коўна — Мінск" былі знойдзены 200 новых і 40 патрыманых мабільных тэлефонаў коштам амаль 97 мільёнаў рублёў. Цяпер мытнікі праводзяць праверку па ўстанаўленні асоб, якія мелі дачыненне да арганізацыі кантрабанды.

БелаПАН