Беларускія тэлеканалы не пакажуць гандбольны матч паміж СКА і "Эшам"
Сама гульня пачнецца 25 траўня на "Мінск-Арэне" а 18-й. Гэта будзе другі з фінальных матчаў Кубка выкліку.
Як паведамляе "Прессбол", трансляцыя матчу паміж мінскім СКА і люксембургскім "Эшам" выключаная з праграмы канала "Беларусь-2". Гэтага запатрабавала кампанія "EHF Marketing", якая валодае правамі на тэлепаказ фінальных матчаў і размяшчэнне на іх рэкламы. За перадачу гэтых правоў яна запрасіла ў беларускага боку 10 тысяч еўра. Кампанія прапанавала, каб гэтыя выдаткі ўзяў на сябе або клуб СКА, або тэлевізійшчыкі.
Спартовы клуб адмовіўся плаціць, бо не мае неабходных сродкаў. Не былі яны прадугледжаныя і ў бюджэце і каштарысах Белтэлерадыёкампаніі. БТ прапанавала Еўрапейскай гандбольнай федэрацыі супрацоўніцтва на бясплатнай аснове, гарантаваўшы "карцінку" і дастаўку яе на спадарожнік. Але ў Вене ад працягу перамоваў адмовіліся, наклаўшы вета і на паказ гульні.
Фота — minsknews.by