Беларускія тэнісісткі не выйдуць у Сусветную групу Кубка федэрацыі

5 лютага ў партугальскім горадзе Круш Кебрада завяршаецца папярэдні этап тэніснага Кубка федэрацыі (Еўра-афрыканская зона, група 1). У заключным матчы групы D беларускія тэнісісткі сустрэнуцца з камандай Вялікабрытаніі, паведамляе БЕЛТА. Праўда, для абедзвюх камандаў вынік гэтай сустрэчы турнірнага значэння не мае - яны ўжо страцілі шанцы працягнуць барацьбу за выхад у 2-ю Сусветную групу гэтага турніру. Нашы дзяўчаты ў першым матчы саступілі камандзе Аўстрыі з лікам 1:2, а 4 лютага выйгралі ў тэнісістак Босніі і Герцагавіны з сухім лікам 3:0. У пераможнай сустрэчы капітан нашай каманды Ўладзімір Ваўчкоў не мог разлічваць на лідэра Вікторыю Азаранку (6-ы нумар сусветнага рэйтынгу), якая захварэла. Тым не менш яе сяброўкі па камандзе выйгралі ўсе свае матчы - Таццяна Пучак (298) абыграла Эму Бургіч (653) у двух сэтах з аднолькавым лікам 6:1, а Вольга Гаварцова (55) выйграла ў Сандры Марціновіч (387) - 6:2, 6:3.

Наша пара ў складзе Кацярыны Дзегалевіч і Таццяны Пучак таксама выйграла ў двух сэтах у дуэта Аніта Гусарыч - Сандра Марціновіч - 6:4, 6:0. Аднак гэты поспех не дапамог беларускам, таму што першае месца ў групе D забяспечылі сабе аўстрыйскія спартоўкі, якія атрымалі другую перамогу запар над брытанкамі з лікам 3:0, што зрабіла іх недасягальнымі для суперніц.