Беларусы пагражаюць нелегалам з Валыні турмой - украінскія СМІ

Грыбнікі і ягаднікі з Валыні, якія нелегальна пераходзяць украінска-беларускую мяжу, цяпер могуць патрапіць у турму. Беларускі памежны камітэт пагражае, што злосныя парушальнікі (тыя, каго затрымаюць два разы і болей) будуць пакараныя пяцю гадамі зняволення.
Як паведамляе "Газета по-украінськи", патрапіць у турму рызыкуюць сяляне з памежных Ратнаўскага, Шацкага і Любяшоўскага раёнаў Украіны. Летам яны ходзяць партызанскімі сцежкамі ў беларускія лясы.

Дагэтуль беларускія памежнікі каралі ўкраінцаў адміністрацыйнымі штрафамі. Аднак пасля сёлетніх масавых пераходаў мяжы было вырашана ўжываць да парушальнікаў больш жорсткія меры.

За летнія месяцы беларускія памежнікі вярнулі на Валынь амаль паўтары тысячы ягаднікаў, 960 з іх - падлеткі.