"Белнафтахім" хавае пазіцыю Беларусі наконт удзелу ў праекце "Адэса-Броды"

Канцэрн "Белнафтахім" адмовіўся каментаваць "Інтэрфаксу" перспектыву ўдзелу Беларусі ў развіцці нафтаправода "Адэса-Броды", які мог бы стаць альтэрнатывай пастаўкам расійскай нафты. Прэс-служба канцэрна заявіла, што падачу ў СМІ якой-небудзь інфармацыі на гэты конт "Белнафтахім" лічыць заўчаснай. Між тым, кіраўнік Беларусі ў верасні-кастрычніку як мінімум двойчы публічна заяўляў пра неабходнасць уважліва вывучыць магчымасць удзелу Беларусі ў развіцці нафтаправода "Адэса-Броды". "Мы не можам залежаць ад аднаго месца ў пастаўках энергарэсурсаў — ад Расіі. Тым больш, былі праблемы ў гэтай сувязі", — казаў Аляксандр Лукашэнка .

Найбольш актыўны лабіст удзелу Беларусі ў гэтым праекце — Ўкраіна. Міністр замежных спраў Украіны Пётр Парашэнка 19 кастрычніка ў Мінску чарговы раз пацвердзіў зацікаўленасць яго краіны ва ўлучэнні Беларусі ў гэты праект.

У гэтым выпадку могуць быць рэалізаваныя дасягнутыя ўлетку 2007 года палітычныя дамоўленасці прэзідэнтаў Беларусі і Азербайджана аб пастаўцы ў нашу краіну нафты, здабытай у Азербайджане.