Бернд Штанге пазбавіўся ад Гаева, Цігарава і Блізнюка, але вярнуў Кутузава

Эксперыменты са складам нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе працягвае галоўны трэнер Бернд Штанге. Сталі вядомыя прозвішчы 21 гульца, якія згуляюць у бліжэйшых матчах – у адборачнай гульні чэмпіянату Еўропы з Люксембургам і таварыскім матчы ў гасцях з Ізраілем. Падрыхтоўку да гэтых сустрэчаў галоўная каманда нашай краіны распачынае на бягучым тыдні. Вось у якім складзе будзе гуляць каманда Штанге:

варатары – Юрый Жаўноў, Антон Амельчанка (абодва – “Масква”), Васіль Хамутоўскі (“Томь”, Расія);

абаронцы – Сяргей Амельянчук (“Растоў”, Расія), Арцём Радзькоў, Ягор Філіпенка (абодва – БАТЭ), Павел Пласконны (“Шахцёр”, Салігорск), Кірыл Паўлючак (мінскае “Дынама”), Дзмітрый Молаш (“Носта”, Новатроіцк, Расія);

паўабаронцы – Аляксандр Глеб (“Арсенал”), Уладзімір Карыцька (“Чарнаморац”, Украіна), Максім Рамашчанка (“Тарпеда”, Масква), Цімафей Калачоў (“Растоў”, Расія), Мікалай Кашэўскі (“Металург”, Запарожжа, Украіна), Ігар Стасевіч (БАТЭ), Аляксей Сквярнюк (“Крылы Саветаў”, Самара, Расія);

нападаючыя – Сяргей Карніленка (“Днепр”, Украіна), Віталь Кутузаў (“Піза”, Італія), Раман Васілюк (“Гомель”), Віталь Радзівонаў (БАТЭ), Дзмітрый Мазалеўскі (брэсцкае “Дынама”).

Як бачым, Штанге адмовіўся ад паслугаў галкіпера Уладзіміра Гаева (“Чарнаморац”, Украіна), абаронцы Яна Цігарава (“Металург”, Украіна) і форварда БАТЭ Генадзя Блізнюка.

У той жа час вярнуліся ў зборную Жаўноў і Кутузаў, упершыню запрошаны ў галоўную каманду Паўлючак.

Нагадаем, матч са зборнай Люксембурга адбудзецца 13 кастрычніка ў Гомелі.

Салідарнасць