Больш за 200 чалавек падалі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп

Больш за 200 чалавек падалі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік. Паводле яго слоў, сярод тых, хто падаў заявы, ужо ёсць і зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы, аднак дакладная іх колькасць пакуль невядомая.

“Ёсць ужо і зарэгістраваныя. Камісіі ў нас былі сфармаваныя 14 ліпеня. Адпаведна з 14 па 24 ліпеня можна было падаваць заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Згодна з законам, акруговая камісія павінна разглядаць заявы не больш за пяць дзён. Дык вось, для некаторых гэты тэрмін ужо мінуў, а для некаторых пачаўся яшчэ толькі сёння”.


Нагадаем, сёння апошні дзень падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп.