Больш за 200 фанатаў "Спартака" прыбудуць на матч з мінскім "Дынама"

15 кастрычніка мінскія дынамаўцы, якія вярнуліся з уральскага турнэ з 6 ачкамі з 9 магчымых, адкрываюць чатырохматчавую хатнюю серыю. У 19 гадзін у мінскім Палацы спорту нашая каманда згуляе з маскоўскім "Спартаком" у чэмпіянаце КХЛ. Як нагадвае БЕЛТА, "Спартак" славіцца шматлікім войскам прыхільнікаў, якія суправаджаюць каманду на выязных матчах. На сённяшнюю гульню чакаецца прыезд больш як 200 спартакаўскіх заўзятараў. У гасцявым фан-сектары для масквічоў будзе вылучана 336 месцаў. Аб прыездзе вядомага сваімі шалёнымі норавамі спартакаўскага фанацкага дэсанту апавешчаныя міліцыянты.

Маскоўскі "Спартак" у 14 матчах цяперашняга чэмпіянату КХЛ атрымаў 7 перамог у асноўны час, аднойчы выйграў па булітах і зазнаў 6 паразаў пры агульнай розніцы шайбаў 44-41. Набраўшы 23 ачкі, спартакаўцы размяшчаюцца на 4-м радку ў Заходняй канферэнцыі і на 7-й пазіцыі ў агульнай табліцы сярод 24 каманд КХЛ.

Менскае "Дынама", атрымаўшы 5 перамог у асноўны час, аднойчы выйграўшы па булітах і зазнаўшы 7 паразаў пры агульнай розніцы шайбаў 31-36, мае на сваім рахунку 17 ачкоў пасля 13 матчаў і займае 9-е месца ў Заходняй канферэнцыі. У агульнай табліцы КХЛ мінчукі на 16-й пазіцыі.