Большасці расіянаў Лукашэнка абыякавы, а кожны пяты расіянін яго не любіць

Амаль палова расіян лічаць, што паміж Масквой і Мінскам склаліся дрэнныя адносіны. Пра гэта сведчаць вынікі ўсерасійскага апытання, праведзенага Фондам Грамадская думка. 47% жыхароў Расіі ацэньваюць адносіны з Беларуссю як дрэнныя і толькі толькі 16% лічаць іх добрымі, паведамляе korrespondent.net. Даследаванне паказала, што ў паляпшэнне сітуацыі верыць 20% расіян, 8% прытрымваюцца процілеглага меркавання. Кожны чацвёрты рэспандэнт (25%) упэўнены, што адносіны дзвюх краін не зменяцца і праз год. 47% не змаглі адказаць.

Адказваючы на пытанне, чаму ў Масквы і Мінска паўсталі праблемы, 12% расіян заявілі, што ва ўсім вінаваты прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які вядзе няслушную палітыку ў адносінах да РФ. Яшчэ па 6% рэспандэнтаў лічаць, што ўлады дзвюх краінаў не могуць паразумецца і што прычынай з’яўляецца “газавы канфлікт”.

У якасці прычын таксама называліся ўнутраная палітыка Лукашэнкі, яго палітычная гульня напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, а таксама дзеянні расійскіх улад. Кажучы пра сваё стаўленне да Лукашэнкі, 57% грамадзян РФ паведамілі, што ён ім абыякавы. 20% ставяцца да яго дрэнна, 12% — добра, а 1% не ведае, хто гэта.