Бойня ў Бучы — наўрад ці віна Лукашэнкі, але яго і так ёсць за што судзіць
Аляксандр Лукашэнка / фота AFP
Прапагандысты, якія на вайне ва Украіне нібыта нікога не забіваюць, а "ўсяго толькі" распальваюць нянавісць да ўкраінцаў, у будучыні маюць усе шанцы апынуцца на лаве падсудных у Міжнародным крымінальным судзе.
А ці будуць судзіць Лукашэнку за ваенныя злачынствы? Расійскія войскі бесперашкодна базуюцца ў Беларусі, папаўняюць запасы, лечацца — і зноў едуць забіваць украінцаў.
— Лукашэнка павінен там [у Міжнародным крымінальным судзе. — Еўрарадыё] апынуцца за тое, што ён рабіў і робіць дагэтуль у дачыненні да сваіх грамадзян, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Кацярына Дэйкала. — Але за ваенныя злачынствы, якія адбываюцца ў рамках узброенага канфлікту, умоўна ў Бучы, — наўрад. Немагчыма адказваць за ваенныя злачынствы, калі ты не ўдзельнік узброенага канфлікту.
— Для таго каб Лукашэнка сеў на лаву падсудных за злачынствы, якія здзяйсняліся ў Бучы, трэба, каб ён камандаваў войскамі, якія туды пайшлі, і канкрэтна аддаваў загады гэта рабіць, — працягвае Кацярына Дэкайла. — Права і суд — гэта не судзілішча. Ёсць захаванне прынцыпу вяршэнства права, як бы гэта цяпер раздражняльна ні гучала для шмат каго.
У сувязі з усёй гэтай сітуацыяй усе, хто імкнуўся да вяршэнства права і хацеў будаваць прававую дзяржаву, неяк раптам пра гэта забыліся. Калі няма яго [Лукашэнкі] прамой віны ў тым, што расійскія войскі рабілі ў Бучы, то ён за гэта не можа адказваць. Так, у яго ёсць за што адказваць у Міжнародным крымінальным судзе або ў іншых механізмах, цалкам дастаткова. Але пытанне ў тым, што ёсць пэўныя нормы і Міжнародны суд імі кіруецца.
Яго віна ў кантэксце падавання тэрыторыі. Гэта асобны склад, у гэтым сэнсе ён таксама можа несці індывідуальную адказнасць. Агрэсія таксама падпадае пад юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда. Таксама яго далейшае непрыняцце дзеянняў у дачыненні да войска, якое парушае нормы Жэнеўскай канвенцыі і здзяйсняе ваенныя злачынствы, — гэта таксама яго склад. Але не канкрэтна тое, што адбывалася ў Бучы. Адказнасць надыходзіць роўна за тое, што ты зрабіў, — падкрэслівае юрыст.