Брэсцкая газета надрукавала афарызмы зняволенага банкіра
Падборку афарыстычных выказванняў зняволенага банкіра надрукавала недзяржаўная газета “Брестский курьер”.
Аляксандр Татарынцаў, былы кіраўнік “Джэм-банка”, які адбывае 10-гадовы тэрмін зняволення ў калоніі ў Наваполацку, размяшчае свае зацемкі ў livejournal, адкуль яны і былі перадрукаваныя. Рэдактар газеты Мікалай Аляксандраў патлумачыў Еўрарадыё:
"Татарынцаў цікавы нам тым, што ён паказвае, як бізнес і ўлада не знаходзяць паразумення. Ён піша пра невядомыя шырокаму чытачу рэчы: у якія пасткі трапляюць бізнэсоўцы, як яны трапляюць у турму. Узаемаадносіны бізнэсу і ўлады — гэта асноўная тэма нумара. Нататкі Татарынцава тут як падсветка таго, як развіваецца справа брэсцкага бізнэсоўца ў швачнай галіне Юрыя Дандорфа".
Спадар Татарынцаў, між іншым, сцвярджае ў сваіх нататках, што быў сведкам таго, як падаткавае заканадаўства ў Беларусі наўмысна заблытвалася з мэтай спагнання штрафаў і, магчыма, “адкатаў” з прадпрымальнікаў.