Брэсцкі апазіцыянер накіраваў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека

Брэсцкі актывіст апазіцыі Юры Бакур 10 ліпеня накіраваў індывідуальнае паведамленне ў Камітэт ААН па правах чалавека.
Падставай для звароту стала беспаспяховае абскарджанне ў вышэйстаячых інстанцыях пастановы суда Маскоўскага раёна Брэста. У мінулую восень суд прызнаў Бакура вінаватым у правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства і аштрафаваў на тры базавыя велічыні (93 тыс. рублёў).

У сваім паведамленні ў Камітэт ААН па правах чалавека Бакур заяўляе, што сваё затрыманне і прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці лічыць незаконным і расцэньвае іх як спробу пакараць за яго палітычныя погляды.

Нагадаем, апазіцыянер быў затрыманы ў офісе Брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ, дзе праходзіла адкрытае пасяджэнне рады гарадской арганізацыі партыі і сустрэча з палітыкам Паўлам Севярынцам, які прэзентаваў сваю кнігу "Лісты з лесу".

Усяго тады было затрымана 28 удзельнікаў пасяджэння, 15 з іх былі прыцягнутыя да адказнасці.

БелаПАН