Брэсцкіх лыжнікаў пад лавінай шукаюць каля 40 выратавальнікаў і 16 машынаў

Як паведаміла Еўрарадыё прэс-сакратар МНС Расіі па Мурманскай вобласці Наталля Козырава, цяпер на месцы трагедыі працуюць некалькі дзясяткаў чалавек. Наталля Козырава: “А 7 гадзіне раніцы аднавілі пошукі. На месцы падзеяў зараз працуюць 34 чалавекі і 16 адзінак тэхнікі. У цяперашні момант з Мурманску вырушыла дадатковая група з 5 чалавек, у ліку якіх знаходзяцца спецыялісты па сувязі – для паляпшэння сувязі з месца падзеяў. Таксама чакаецца яшчэ адна група, таксама з 5 чалавек”.

Ратавальнікі паведамілі, што не збіраюцца спыняць пошукі. На пытанне, ці ёсць яшчэ надзея знайсці брэсцкіх турыстаў жывымі, спадарыня Козырава адказала лаканічна: "Мы прагнозаў не робім".