Брэсцкую актывістку завабілі ў КДБ абяцанкай аддаць сканфіскаванае

Дэмакратычную актывістку Паліну Шарэнда-Панасюк 19-га студзеня паспрабавалі дапытаць у брэсцкім КДБ, паабяцаўшы па тэлефоне аддаць сканфіскаванае падчас ператрусу 10 студзеня.

Быць дапытанай у якасці сведкі "па справе аб масавых беспарадкаў 19 снежня ” спадарыня Паліна не пагадзілася. Актывістка распавяла, што ёй паказвалі нібыта раздрукоўку Скайп-размовы, але ёй падалося, што папера несапраўдная. Супрацоўнікі КДБ сказалі, што, яна была адабраная на офісе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі падчас ператрусу 20 снежня.

Шарэнда-Панасюк: "Паколькі там  часта мільгалі такія выразы: "беремте ломики, едем на площадь", "нужны ломики", — некалькі разоў такія "фразы-загатоўкі да масавых беспарадкаў", як іх можна было б кваліфікаваць,— у мяне склалася ўражанне, што ў нейкую рэальную размову паўстаўлялі патрэбныя ім фразы".

Праз паўтары гадзіны жанчыне ў КДБ аддалі толькі фотаапарат і мабільны тэлефон. Не вярнулі ноўтбук, бел-чырвона-белы сцяг, дыск з фільмам Юрыя Хашчавацкага "Плошча".

На вуліцы яе дачакаўся праваабаронца Раман Кісляк.  Вось як ён пракаментаваў сітуацыю:

Кісляк:
"Тут не было запрашэння або выкліку на допыт. Якраз Паліну Шарэнда-Панасюк запрасілі, каб аддаць рэчы. Вызначыць правамоцнасць выкліку немагчыма, таму што яго як такога не было. Як яна ўжо сама заяўляла, яе падманулі".