Брэстаўчане скардзяцца ў Генпракуратуру на бяздзеянне праваахоўнікаў
Міліцыя і гарадская пракуратура праігнаравала факт незаконнага ўскрыцця скрыні для галасавання.
Нагадаем, што здарэнне адбылося падчас датэрміновага галасавання на мясцовых выбарах. Парушэнне выявіў Дзяніс Турчаняк, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты ў гарсавет Валянціны Мальцавай. 18 сакавіка на выбарчым участку №19 скрынку апламбавалі ў прысутнасці двух назіральнікаў, якія сфатаграфавалі пячатку. 22 сакавіка выявілася, што пячатка адрозніваецца ад першапачатковай.
За два дні на месца здарэння па выкліку не прыехалі ні міліцыя, ні пракуратура. Даверанай асобе прыйшлося звярнуцца ў Следчы камітэт, але адтуль пакуль таксама няма адказу. Са словаў праваабаронцы Рамана Кісляка, ён напісаў заяву ў Генеральную пракуратуру, каб тыя правялі праверку па факце бяздзейнасці службовых асобаў, да якіх звяртаўся Турчаняк.
Кісляк: "Тое, што супрацоўнікі міліцыі і пракуратуры адмовіліся выехаць на месца і зафіксаваць факт ускрыцця скрыні, сведчыць аб злачынным бяздзеянні і службовай нядбайнасці. Два дні было на тое, каб прыехаць і зафіксаваць гэты факт належным працэсуальным шляхам. Усё было зроблена для таго, каб гэтае не зрабіць, і,вядома, пасля ўскрыцця скрыні гэты след быў згублены".
Ініцыятыўная група Мальцавай будзе намагацца афіцыйна прызнаць вынікі выбараў па 3-й гарадской акрузе несапраўднымі. Незалежная кандыдатка яшчэ да пачатку датэрміновага галасавання намагалася дадаткова апламбаваць скрыні для галасавання, але выбарчая камісія адмовіла ёй, бо "такая магчымасць не прапісана ў выбарчым кодэксе".