Цана на расійскі газ для Беларусі ў пачатку 2010 года складзе каля 168 долараў

"Сёння ідзе проста барацьба за газ і нафту", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 30 снежня на прэс-канферэнцыі для беларускіх журналістаў у Мінску.
"Яны (газ і нафта. — БелаПАН.) нідзе не падаражэлі за гэты год, акрамя як для Беларусі. І ў наступным годзе яшчэ іх павысіць хочуць", — сказаў Лукашэнка. Ён адзначыў, што Беларусь вымушана купляць энергарэсурсы "толькі ў аднаго прадаўца". "А дарагія нафта і газ прыводзяць да росту цэн на тавары", — адзначыў Лукашэнка.

Тым часам, у сераду прэс-служба "Газпрама" паведаміла, што цана на расійскі газ для Беларусі ў першым квартале 2010 года складзе каля 168 долараў за тысячу кубаметраў. "Интерфакс-Запад" адзначае, што гэтая лічба была названая па выніках перамоваў старшыні праўлення расійскага канцэрна і першага намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Ўладзіміра Сямашкі. У 2009 годзе тысяча кубаметраў газу каштавалі нашай краіне ў сярэднім каля 150 долараў.