Чацвёра беларусаў вышлі ў 1/16 фінала чэмпіянату Еўропы па настольным тэнісе

На чэмпіянаце Еўропы па настольным тэнісе ў нямецкім Штутгарце сёння адбудуцца матчы 1/16 фінала. У іх возьмуць удзел чацвёра беларускіх майстроў малой ракеткі, паведамляе БЕЛТА. У мужчынскай частцы спаборніцтваў лідэр беларускай зборнай Уладзімір Самсонаў сустрэнецца з Трынка Кенам з Галандыі. Да гэтага Самсонаў абгуляў чэха Антаніна Гавласа і прадстаўніка Францыі Абдэля-Кадэр Саліфу з аднолькавым лікам 4:1. У выпадку поспеха ў сённяшнім паядынку Самсонаў у 1/8 фіналу сустрэнецца з пераможцам матчу Патрык Баўм (Германія) - Жоаа Мантэйра (Партугалія).

У спаборніцтвах жанчын Вераніка Паўловіч згуляе з Кіян Лі (Польшча). Вікторыя Паўлавіч пасля двух "сухіх" перамог (4:0) сёння памераецца сіламі з Крысцін Зільберайзен (Германія). Яшчэ адна наша суайчынніца Іна Карагодзіна ў 1/16 фіналу згуляе з расейкай Ганнай Ціхаміравай.

У парным разрадзе еўрапейскага чэмпіянату ўсе беларусы ўжо завяршылі свае выступы. Само ж кантынентальнае першынство завершыцца 20 верасня.