Чаўнакоў папярэдзілі, што неўзабаве на мяжы з Польшчай "нешта памяняецца"

З сённяшняга дня на беларускай мытні пачалі дзейнічаць распрацаваныя Дзяржаўным мытным камітэтам “Метадычныя рэкамендацыі па вызначэнні мэтавасці тавараў, якія перавозяцца праз мяжу фізычнымі асобамі”. З іх дапамогай робіцца спроба вызначыць і абмежаваць колькі і чаго можна правозіць людзям праз мяжу.
Пра сітуацыю на беларуска-польскай мяжы пасля новаўвядзення распавядае наш гродзенскі карэспандэнт Сяргей Апановіч:

"На цягнік Гродна-Кузніца, які адправіўся ў польскі бок, на гродзенскім вакзале селі толькі 5 чалавек. На ранішні цягнік - прыкладна такая ж колькасць людзей. Дасведчаныя чаўнакі, якія ездзілі некалькі разоў на дзень за мяжу, кажуць, што ім "парэкамендавалі", каб яны колькі дзён пасядзелі дома. З неафіцыйных крыніц ім паабяцалі, што неўзабаве нешта мусіць змяніцца".

Як паведамляе наш карэспандэнт, з Польшчы ў Гродна сёння прыехала таксама зусім мала людзей. Чаўнакоў сярод іх не было.