Чавусаў: Пагроза новых санкцыяў не менш важная, чым ужо прынятыя санкцыі
Палітолаг Юры Чавусаў, хоць і называе прынятыя сёння ў Савеце Еўрасаюза санкцыі "іміджавымі", бачыць і магчымыя іх эканамічныя наступствы.
Закрыўшы ўезд на сваю тэрыторыю, ЕС закрывае і шматлікія магчымасці для перамоваў па эканамічнай праблематыцы. Бо сэнс візавых забаронаў не ў тым, "што чыноўнікі не змогуць паехаць на адпачынак у Парыж, як, скажам, спадарыня Ярмошына", адзначыў у жывым эфіры Еўрарадыё Чавусаў.
Акрамя таго, ён звяртае ўвагу на "адкрыты" характар санкцыяў — яны могуць рабіцца больш жорсткімі альбо змякчацца ў залежнасці ад развіцця сітуацыі ў Беларусі. "Пагроза новых патэнцыйных санкцыяў можа быць не менш важная, чым ужо прынятыя рэальныя санкцыі", — лічыць палітолаг.