Чыноўнікі Мінабароны выхоўваюць патрыятызм на авіясімулятарах

Пры Міністэрстве абароны адкрыўся цэнтр па падрыхтоўцы віртуальных вайсковых спецыялістаў. У цэнтр можа прыйсці любы ахвотны. Наведвальнікі могуць пагуляць у камп’ютарную гульню “Іл-2. Штурмавік”, а таксама паразмаўляць пра ваенную гісторыю Беларусі. Дарэчы, у цэнтры створана віртуальная эскадрылля Беларусі. Яе пілоты ўдзельнічаюць у міжнародных турнірах. Пра гэта Еўрарадыё распавёў прэс-сакратар Мінабароны Вячаслаў Раменчык.

Раменчык: "Людзі прыходзяць пагутарыць на тэмы ваеннай гісторыі Беларусі і пагуляць у камп’ютарныя гульні. Цэнтр не ставіць мэтаў падрыхтоўкі ваенных спецыялістаў. Гэты праект разлічаны на вырашэнне задач патрыятычнага выхавання".

Адкрыццё цэнтру не запатрабавала шмат сродкаў, кажа Раменчык. Па яго словах, дастаткова было закупіць звычайную камп’ютарную тэхніку. Адкрыццё цэнтру – своеасаблівы эксперымент. Калі ён будзе ўдалы, такі цэнтр можа з’явіцца ў Баранавічах. Дарэчы, у наступным годзе віртуальныя спецыялісты з цэнтру плануюць паўдзельнічаць у сусветных спаборніцтвах па кіберспорце.