Ці прыедуць браты Касціцыны ў зборную Беларусі на чэмпіянат свету па хакеі?

Клуб "Манрэаль", у якім гуляюць беларускія хакеісты Андрэй і Сяргей Касціцыны, у сёмым матчы серыі абыграў найлепшую каманду рэгулярнага чэмпіянату НХЛ "Вашынгтон" - 1:2. Цяпер "Манрэаль" паспяхова пераадолеў першы раўнд Кубка Стэнлі. Форвард Андрэй Касціцын знаходзіўся на пляцоўцы 19 хвілінаў, кідкоў па варотах не рабіў. Затое ён заблакаваў 2 стрэлы супернікаў, ужыў 1 сілавы прыём і завяршыў паядынак з паказчыкам карыснасці "-1". Сяргей Касціцын ужо другі матч запар не выходзіў на пляцоўку.

У наступным раўндзе плэй-оф "Манрэалю" давядзецца сутыкнуцца з уладальнікам Кубка Стэнлі "Пітсбургам". Паядынкі другога раўнда запланаваныя на 30 красавіка і 2 траўня (у Пітсбургу), 4 і 6 траўня (у Манрэалі), 8 (у Пітсбургу), 10 (у Манрэалі) і 12 (у Пітсбургу) траўня.

Гэта значыць, што ў самім няўдалым для "Манрэаля" выпадку браты Касціцыны вызваляцца 6 траўня і тэарэтычна могуць паспець да пачатку чэмпіянату свету. Нагадаем, што зборная Беларусі стартуе на ім 9 траўня сустрэчай з Казахстанам. Наступныя паядынкі першага этапу беларусы ладзяць са Славакіяй (11 траўня) і Расіяй (13 траўня).