ДАІ падвяла вынікі акцыі "Прапусці хуткую", якая прайшла ў Мінску

Акцыя "Прапусці хуткую" прайшла сёння ў Мінску. Яе сумесна правялі Дзяржаўтаінспекцыя і гарадская станцыя хуткай дапамогі. Па пэўных маршрутах рухаўся аўтамабіль хуткай дапамогі з уключанымі сігналамі. Кіроўцаў, якія не саступалі яму шлях, супрацоўнікі ДАІ спынялі, вялі з імі "прафілактычныя гутаркі" альбо складалі пратаколы.

Пра вынікі акцыі Еўрарадыё расказвае яе ўдзельнік, супрацоўнік сталічнай ДАІ Сяргей Туркін:

"Былі складзеныя пратаколы на чатырох кіроўцаў, праведзеныя шэсць прафілактычных гутарак. Агулам атрымліваецца 10 парушэнняў. Штрафы будуць выносіць начальнікі ДАІ. Штраф - ад 2 да 10 мінімалак (ад 70 да 350 тысяч рублёў - ЕРБ) з пазбаўленнем правоў кіроўцы ці без пазбаўлення".

Паводле словаў Туркіна, мерапрыемства ахапіла значную частку горада, ад праспекта Незалежнасці да вуліц Чкалава, Маскоўскай, Партызанскага праспекта. Сёлета парушэнняў было значна менш, чым у папярэднія гады падчас правядзення акцыі "Прапусці хуткую".