ДАІ прапануе мінскім кіроўцам: "Вы што хочаце, штраф альбо на лекцыю?"

Пад дэвізам "Цвярозасць - норма жыцця" ў Мінску ў пятніцу праходзіць адзіны дзень бяспекі руху. У яго рамках для кіроўцаў-парушальнікаў традыцыйна прачытаюць лекцыю.  Як паведаміў Еўрарадыё супрацоўнік прэс-службы сталічнай ДАІ Юрый Красноў, гэта робіцца "з мэтай прафілактыкі дарожна-транспартных здарэнняў".

Юрый Красноў: "Там будзе ад 100 да 300 чалавек, у залежнасці ад таго, колькі інспектары затрымалі парушальнікаў. Гэта за парушэнні, за якія прадугледжана адказнасць у выглядзе папярэджання. Кіроўцу такога накіроўваюць на кіналекторый. Пасля таго, як ён гэты кіналекторый праслухаў, яму вяртаюць пасведчанне кіроўцы без уплаты штрафа, толькі папярэджанне. Выходзіць, што замест штрафу на лекцыю накіроўваем".

Лекцыі супрацоўнікі мінскай ДАІ чытаюць парушальнікам кожную апошнюю пятніцу месяца. Паводле словаў Краснова, ніхто не прымушае кіроўцаў іх слухаць і глядзець адмысловыя фільмы:

"Гэта ж выбар самога кіроўцы. Яму прапануюць: "Вы што хочаце, штраф альбо на лекцыю?"