Дакладчык ПАСЕ па Беларусі незадаволеная мясцовымі выбарамі

У сваёй справаздачы дакладчыца па Беларусі Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы Сініка Хурскайнен шкадуе, што Беларусь не запрасіла назіральнікаў на мясцовыя выбары, а змены ў Выбарчы кодэкс носяць касметычны характар. “Назіранне” дыпламатычнымі прадстаўнікамі ніяк нельга параўнаць з працай паўнавартасных міжнародных назіральнікаў са спецыяльным досведам у гэтай галіне, адзначае Сініка Хурскайнен. Яна шкадуе, што выбары адбыліся пры "поўнай адсутнасці" міжнародных назіральнікаў. Беларусь магла б звярнуцца да спецыяльнага органа Савета Еўропы – Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў, каб той адправіў місію назіральнікаў, адзначаецца ў дакладзе.

Няўрадавыя арганізацыі заключаюць, што змены ў выбарчы кодэкс носяць  збольшага “касметычны характар і значна не змяняюць выбарчы працэс”. Так, змены аблягчаюць фінансаванне выбарчай кампаніі і вылучэнне кандыдатаў, адзначаецца ў дакладзе. Аднак яны не дазваляць назіральнікам уласна назіраць за падлікам галасоў, а гэта “найбольш далікатны этап выбараў у кантэксце выбарчых фальсіфікацый”, гаворыцца ў справаздачы. Да таго ж, выбарчыя камісіі па-ранейшаму не абавязаныя ўключаць прадстаўнікоў апазіцыі.

Сініка Хурскайнэн шкадуе, што Беларусь сама ніколі не звярталася да Венецыянскай камісіі – экспертнага органа Савета Еўропы ў галіне права. Гэта зрабіў Палітычны камітэт ПАСЕ на запыт самой дакладчыцы. Экспертная выснова пра адпаведнасць выбарчых зменаў еўрапейскім стандартам мусіць з'явіцца напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, адзначае Сініка Хурскайнэн.