Дантыст Жук, які купіў зуб Джона Ленана, хоча кланаваць легендарнага музыку
"Калі навукоўцы мяркуюць, што змогуць кланаваць мамантаў, то Джон Ленан можа стаць наступным", заявіў канадскі стаматолаг.
Майкл Жук купіў карэнны зуб экс-лідара знакамітага гурта The Beatles два гады таму на аўкцыёне ў Лондане. Ён заплаціў за яго каля 31 тысячы долараў. Спачатку ён здзейсніў са сваёй пакупкай паездку па зубных клініках і стаматалагічных каледжах свету, пасля чаго выставіў зуб у сваім працоўным кабінеце. Дарэчы, раней Жук напісаў кнігу пра зубы знакамітасцяў.
На думку дантыста, у бліжэйшы час генэтыкі змогуць высветліць поўны генетычны код Джона Ленана. А калі яны навучацца кланаваць людзей, змогуць уваскрасіць музыку, лічыць Майкл Жук.
РІА "Новости" адзначае, што прададзены з аўкцыёна зуб Джон Ленан у канцы 1960-х вырваў сам і аддаў яго пакаёўцы. Папрасіў, каб яна перадала зуб дачцы як сувенір. Але ў далейшым ён патрапіў у калекцыю памятных рэчаў рок-музыкаў, якая належыць заснавальніку музычнага лэйбла Creation Records Алану Макгі. Ён і прадаў зуб легендарнага музыкі.