Дар'я Каткоўская: У той момант мне было страшна, што не здолею дапамагчы

19 студзеня а восьмай гадзіне вечара “роўна праз месяц пасля пачатку тых падзей, якія нас згуртавалі” адбылося адкрыццё “Выставы салідарнасці”. (ФОТА)
“Ідэя выставы ўзнікла з той мэтай, каб паказаць вязням, як гэта было. Як прыходзілі людзі, як збіраліся рэчы… Гэтая выстава найперш для вязняў, але таксама для ўсіх ты, каго аб’яднала гэта месца, гэта дата і гэтыя падзеі”, — расказала на адкрыцці Дар’я Каткоўская, жж-юзер adelka.



У памяшканні сядзібы Партыі БНФ, дзе праходзіць выстава, можна пабачыць фотаздымкі на тэму Плошчы і таго, як адбываўся збор рэчаў, паштоўкі, якія не дайшлі да сваіх адрасатаў… Турэмныя творы, дзённікі затрыманых.

Сярод цікавых экзэмпляраў — аплатка, якую на Раство збіраўся перадаць на Акрэсціна ксёндз. Але міліцыя яе не ўзяла — "сказалі, што яна прапітаная экстазі". Галоўным сюрпрызам і цвіком праграмы была інсталяцыя камеры, дзе адбывалі суткі затрыманыя.



На імпрэзе выступілі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, музыка Лявон Вольскі, журналіст і паэт Глеб Лабадзенка. Прагучалі вершы Рыгора Барадуліна і Ўладзіміра Някляева ў запісе.

Хадановіч: “У гэтым шквале негатыўных навінаў акты салідарнасці — самае светлае і радаснае… Праявы мужнасці, неабыякавасці, элементарнай прытомнасці, пачуцця годнасці і гонару”.



“Як гэта было” распавяла Дар’я Каткоўская. Менавіта з яе ўсё і пачалося.


Дар’я Каткоўская: “20 снежня я прыйшла на працу, але працаваць не магла. Я адсочвала навіны і не магла знайсці некалькі сваіх сябраў… Я пачала званіць і шукаць іх, пазваніла ў праваабарончы цэнтр “Вясна”, яны сказалі, што вельмі занятыя… І я запытала — а чым я вам магу дапамагчы? Мне сказалі — паедзьце ў суд і запісвайце імёны, бо бацькі гэтых людзей не ведаюць што з імі”.

Дар’я паехала ў Першамайскі суд і назбірала каля 30 прозвішчаў, якім мусіла ўвечары пазваніць.

Каткоўская: “Я на ўласныя вочы пабачыла гэтыя канвеерныя прысуды. Я падыходзіла да людзей, пыталася тэлефоны іх сваякоў, прасіла, што перадаць… Увечары, шакаваная, я напісала пра гэта ў сваім блогу і сказала, што трэба дапамагчы. І роўна той самай раніцай, калі я запосціла гэты пост, мне пачала званіць Беларусь, Нямеччына, Чэхія, Польшча. Мне пачалі везці рэчы… Роўна за дзве гадзіны я не ведала куды пакласці гэтыя рэчы, што з імі рабіць.

Шчыра прызнаюся, што ў той момант мне было вельмі страшна, што я не здолею нешта з гэтым зрабіць, дапамагчы людзям…”

Пасля з Дашай звязаўся офіс партыі БНФ і прапанаваў пакой. “Да канца дня аднаго пакою стала мала, уся ўправа была застаўлена рэчамі, немагчыма было хадзіць”, — кажа Дар’я.



Гісторыя таго “як гэта было” з таго боку кратаў. Расказвае яшчэ адна Дар’я, дзяўчына, якой далі 10 сутак.


Дар’я: “Да 19 чысла я была такой жа звычайнай жыхаркай Беларусі, як і ўсе астатнія… Але я пайшла на плошчу, бо лічу, што трэба змагацца за праўду.

Спачатку быў шок, але пасля разумееш, што нават у такіх умовах трэба адзін аднаго падтрымліваць. Нас было 12 дзяўчат і мы вельмі пасябравалі! Так, нам было складана, былі жудасныя бытавыя моманты. Але мы заплюшчвалі на гэта вочы і падтрымлівалі адзін аднаго”.

У камеры дзяўчатам перадавалі “Дзённік Брыджыт Джонс” і гламурныя часопісы. Узгадваючы гэта, дзяўчаты смяюцца.

Дар’я: “Хтосьці перадаў нам “Дзённік Брыджыт Джонс”… Оля чытала ўслых, з інтанацый, амаль па ролях. І нас гэта вельмі падтрымлівала. Былі часопісы "Касмаполітан" і "Вог". У ізалятары! Гэты было вельмі смешна… Паболей гламура :) Нам было вельмі прыемна. Літаральна пару словаў на сшытку — “трымайцеся”… Для нас гэта проста было штосьці… Мы кожную перадачу сустракалі апладысментамі”.

Амаль ўсё памяшканне сядзібы БНФ цяпер занята пад выставу. Выстава прадоўжыцца да канца студзеня.