Другое паседжанне XIV з'езду ПКБ пройдзе 25 кастрычніка ў ДК МТЗ

Другое паседжанне XIV з'езду Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ) адбудзецца 25 кастрычніка ў Доме культуры Мінскага трактарнага заводу (МТЗ).
Як паведаміў БелаПАНу сакратар ПКБ Валер Ухналёў, 16 кастрычніка партыя атрымала адказ з Мінгарвыканкама, які задаволіў просьбу аб вылучэнні памяшкання для правядзення з'езду .

Дэлегаты з'езду плануюць разгледзець пытанне аб перайменаванні партыі, а таксама абмеркаваць фармат удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах.

На першым паседжанні з'езду ПКБ 23 траўня па выніках рэйтынгавага галасавання былі вызначаныя тры варыянты новай назвы ПКБ — Беларуская партыя левых, Партыя дэмакратыі і справядлівасці і Партыя "Радзіма". На паседжанні пленума 27 верасня было прынята рашэнне вынесці на разгляд другога паседжання з'езду адзін назоў — Беларуская партыя аб'яднаных левых "Справядлівы свет".