Дырэктар заказніка "Сарачанскія азёры" заклікаў перанесці АЭС (фота)

Ігар Пастухоў, дырэктар ландшафтнага заказніка "Сарачанскія азёры", размешчанага прыкладна ў пяці кіламетрах ад Астравецкай пляцоўкі, звярнуўся ў Саўмін і Мінэнерга. Ён заклікае не будаваць АЭС паблізу ад асабліва ахоўваных прыродных тэрыторыяў, паведамляе "Беларускі зялёны партал". Пастухоў адзначае, што ў Беларусі засталося не так шмат не закранутых радыёактыўным забруджваннем месцаў. У прыватнасці, чыстым застаўся Нарачанска-Вілейскі азёрны край, куды ўваходзяць асабліва ахоўваныя прыродныя тэрыторыі "Сарачанскія азёры", "Блакітныя азёры", "Швакшты", Нацыянальны парк "Нарачанскі", а таксама азёры Свір і Швакшты, дзе сёння плануюць размясціць АЭС.

Дырэктар заказніка звяртае ўвагу, што заказнікі не вытрымаюць антрапагеннаага ўздзеяння толькі ад з'яўлення гарадка атамшчыкаў з  насельніцтвам у 30 тысяч чалавек.

Эколаг лічыць, што будаўніцтва АЭС прычыніць непапраўную шкоду ўнікальным прыродным тэрыторыям — улюбёным месцам адпачынку беларусаў. Дарэчы, ужо цяпер інвестары і турыстычныя кампаніі, якія раней планавалі доўгатэрміновае супрацоўніцтва, ужо адмаўляюцца ад укладання грошай у развіццё заказніка. Таму Пастухоў накіраваў ліст у Мінэнерга з патрабаваннем кампенсаваць заказніку нанесеную шкоду і звярнуўся ў міжнародныя экалагічныя арганізацыі з адкрытым лістом, дзе выказаў свой клопат пра лёс даручанай яму ахоўнай тэрыторыі.