Дырэктара Інстытута кнігі не пусцілі ў Беларусь на Месяц польскай літаратуры

Дырэктара Інстытута кнігі не пусцілі ў Беларусь на Месяц польскай літаратуры

Дырэктар польскага Інстытута кнігі Гжэгаж Гаўдэн не атрымаў беларускай візы, якую яму раней абяцалі. Як паведамляе Радыё "Свабода", Гаўдэн не зможа прысутнічаць на адкрыцці Месяца польскай літаратуры, запланаваным на 29 кастрычніка.

У праграме Месяца польскай літаратуры ў Мінску — вечарыны, прысвечаныя нобелеўскім лаўрэатам Віславе Шымборскай і Чэславу Мілашу, а таксама польскаму коміксу. У планах ёсць таксама канцэрт Андрэя Хадановіча ў памяць Яцка Качмарскага — спевака прафсаюза "Салідарнасць".

Гаўдэн распавёў, што Інстытут кнігі фінансуе, сярод іншага, пераклады польскіх кніг на беларускую мову, запрашае апазіцыйных пісьменнікаў і выдаўцоў у Польшчу. Месяц польскай літаратуры мусіў стаць нагодай для спаткання з незалежнымі беларускімі выдаўцамі і пісьменнікамі.

Дырэктар Інстытута кнігі шмат разоў бываў ва Украіне і Літве. У Беларусь ён збіраўся ўпершыню. Тыдзень таму беларускія дыпламаты абяцалі Гайдэну, што ён атрымае візу. Аднак замест візы яму паставілі пячатку "Адмоўлена".

Сам паляк расцэньвае гэтую адмову як сігнал ад беларускіх уладаў, што Інстытут кнігі не павінен падтрымліваць беларускіх апазіцыйных пісьменнікаў.