Дзе знаходзіцца затрыманы журналіст "Белсату", дагэтуль не вядома (фота)

Да гэтага часу не вядома месцазнаходжанне журналіста Івана Шульгі, якога ўчора прыблізна а 15-й гадзіне затрымалі побач з кватэрай, якую здымае прадстаўнік “Белсата” Міхась Янчук. А 17.10 на месца падзеяў прыехаў намеснік начальніка Савецкага РУУС. У размове з журналістамі ён пацвердзіў факт затрымання Івана Шульгі. Па словах міліцыянта, Іван Шульга аказаў супраціў супрацоўнікам міліцыі і сарваў з анаго з іх шэўрон, і міліцыя не выключае, што ён быў п'яны.

Але ўжо праз нейкі час міліцыянты адмовіліся ад сваіх словаў. Калі старшыня БАЖ Жанна Літвіна тэлефанавала ў Савецкі РУУС, яе запэўнілі, што Івана Шульгі там няма. Прычым, і ў аддзеле участковых, і ў дзяжурнай частцы.

На сёння сітуацыя не змянілася. Як паведаміла Еўрарадыё сябра праўлення ГА "БАЖ" Яніна Мельнікава, тэлефоны Івана да гэтага часу адключаныя, сам ён на сувязь не выходзіў. Па словах намесніка старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, зараз юрысты арганізацыі, асабіста ён і старшыня БАЖ Жанна Літвіна будуць наноў абзваніваць усе РУУС.

Андрэй Бастунец: “Ва ўсіх кажуць, што яго там няма, але яны звычайна так кажуць. Будзем спрабаваць нешта даведацца, будзем шукаць. Магчыма, і нейкія іншыя меры прымаць”.

Як паведаміў Еўрарадыё юрыст незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч, яны гатовыя абараняць інтарэсы Івана Шульгі. Але пакуль не вядома яго месцазнаходжанне, праваабаронцы не могуць заняцца гэтым шчыльна.



Фота: БАЖ