Дзяржкантроль выкрыў камбайнёраў-рэкардсменаў з "ліпавымі" рэкордамі

Не ўсе кандыдаты на перамогу ў рэспубліканскім спаборніцтве па ўборцы ураджаю дабіваюцца высокіх паказчыкаў сумленна. Гэта выявіў віцебскі Камітэт дзяржаўнага кантролю. Спецыялісты выкрылі чатыры факты, калі так ці іначай паказчыкі кандыдатаў у пераможцы завышаліся ці яшчэ неяк прыхарошваліся. У гаспадарцы “Чашніцкі” Чашніцкага раёна камбайнёру-рэкардсмену прыпісалі больш за 50 тонн збожжа. Кажуць, эканаміст памылілася, няправільна палічыла. Другі камбайнёр, на гэты раз з Шумілінскага раёну, працаваў на нарыхтоўцы кармоў, і працаваў няблага. Але ж пераможца бітвы за ўраджай павінны быць не толькі працавітым, але і законапаслухмяным. Той жа камбайнёр, як высветлілі кантралёры, — прагульшчык, і за прагулы яго нават прыцягвалі да дысціплінарнай адказнасці. У гаспадарцы вырашылі пра гэта не паведамляць.

Прыпісваюць паказчыкі не толькі асобным механізатарам, але і цэлым гаспадаркам. Так, у сельскагаспадарчым кааператыве “Сіцькава”, спадзеючыся на перамогу па нарыхтоўцы кармоў, прыпісалі ў справаздачах амаль 140 тон гэтых самых кармавых адзінак.