Егер Белавежскай пушчы расстраляў калегу з суседняга заказніка

23-гадовы фотаанімаліст з прастрэленымі нагамі змагаецца за жыццё ў сталічнай рэанімацыі. У міліцыі мяркуюць, што прычынай трагедыі мог стаць... кавалак лесу, які Нацыянальны парк і заказнік не могуць падзяліць паміж сабой Егер Белавежскай пушчы расстраляў супрацоўніка заказніка “Выганашчанскае”. На шчасце, выдатны фотаанімаліст Мікалай Верабей застаўся жывы. 23-гадовы хлопец цяпер ляжыць у рэанімацыі. У яго прастрэленыя абодва калены, перабітыя звязкі, нервы, адстрэлены вялікі палец, ён згубіў шмат крыві. У панядзелак Мікалая прывезлі ў мінскі Інстытут траўматалогіі.

“Яму пакуль вельмі цяжка. Я не ведаю, што будзе далей, але дзякуй Богу, што ён жывы. Галоўнае – што ён жывы”, – не стрымлівае слёз маці Мікалая Галіна Верабей.

Трагедыя разыгралася ўвечары 22 снежня. Трое супрацоўнікаў заказніка “Выганашчанскае”, што на Брэстчыне, абыходзілі тэрыторыю, калі пачулі стрэл. Яны ўбачылі машыну без нумароў і незнаёмага чалавека. Паказваць дакументы ён адмовіўся, а замест гэтага, па словах сведак, ва ўпор стрэліў у Мікалая Вераб’я. З цяжкімі раненнямі фатографа адвезлі ў Івацэвічы.



Стралком аказаўся… егер Нацыянальнага парка “Белавежская пушча”. Як распавёў Еўрарадыё начальнік аддзела папярэдняга расследавання Івацэвіцкага РАУС Вадзім Лішко, па гэтым факце распачатая крымінальная справа, але ўзровень віны егера яшчэ будзе высвятляцца.

Вадзім Лішко: “Пакуль усе экспертызы, пакуль усе следчыя дзеянні не правядзём, я нават не магу сказаць, як там на самой справе ўсё было. Сам факт ёсць, што Вераб’ю нанесеныя цялесныя пашкоджанні, дзве нагі прастрэленыя – гэта ёсць факт. З паляўнічага ружжа, якое належыць егеру гэтай егерскай службы. А як там было, з-за чаго, бачыў ці не бачыў яго – пакуль пра гэта казаць цяжка. Бо цямнела, у лесе было цёмна, таму не магу нічога вам пакуль сказаць”.

Між тым, егер правёў тры дні ў камеры, а пасля яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Міліцыянеры ўпэўненыя, ад правасуддзя ён нікуды не падзенецца. Па словах следчага, у егера свая гісторыя. Па яго версіі, гэта Верабей з сябрамі нечакана на яго напалі і яму давялося адстрэльвацца. Але Вадзім Лішко ў гэта не верыць. З другога боку ён не асабліва верыць і ў версію таго, што егер “Белавежскай пушчы” займаўся браканьерствам і стрэліў у тых, хто хацеў яго на гэтым злавіць. Ён мяркуе, што ўвесь канфлікт з-за таго, што парк і заказнік не могуць падзяліць паміж сабой… кавалак лесу.

Вадзім Лішко: “Тут, калі ўжо разбірацца, то ніяк не могуць падзяліць тэрыторыю заказнік і Нацыянальны парк. Яны хочуць, Нацыянальны парк, каб там нікога не было, каб толькі яны былі гаспадарамі, а супрацоўнікі заказніка з гэтым, можа быць, не могуць змірыцца. Хаця ў іх задачы фактычна адны і тыя ж: работнікі заказніка таксама маюць права спыняць факты браканьерства. Як і ў супрацоўнікаў Нацыянальнага парка задача спыняць такія факты”.

Як высветлілася, не так даўно частку запаведніка “Выганашчанскае” афіцыйна перадалі “Белавежскай пушчы”.

“Частка тэрыторый была аддадзена нам, па распараджэнні, як паложана. Там было 10 тысяч гектараў перададзена нам. Наша там паляўнічая гаспадарка зараз размешчана”, – распавёў Еўрарадыё адзін з намеснікаў дырэктара Нацыянальнага парка.

Пасля гэтай гісторыі ў сацыяльных сетках з'явіліся допісы такога зместа: “Як апынулася, там дзейнічае цэлая банда егераў і браканьераў, усе адзін аднаго пакрываюць. Кіраўніцтва (улады) свядома наймае на працу егерамі тых, хто быў асуджаны за крадзеж, браканьерства, каб тыя забяспечвалі ім суправаджэнне на паляванні, калі тым патрэбна”.

Аднак у міліцыі адзначаюць, што егер, які падстрэліў фатографа, ніколі не трапляў пад суд і нават вельмі станоўча характарызуецца на працы.

У “Белавежскай пушчы” ў адказ сцвярджаюць, што ў іх не было выпадкаў, каб егеры арганізоўвалі паляванне для браканьераў, ці заплюшчвалі на гэта вочы. Але пры гэтым адзначаюць, што былыя браканьеры – найлепшыя ахоўнікі лясных жыхароў.

Намеснік дырэктара “Белавежскай пушчы”:
“З ліку былых браканьераў атрымліваюцца лепшыя ахоўнікі. Калі іх уключыць у ахову. Яны добра ведаюць і павадкі браканьераў, і павадкі звера, ведаюць месцы, дзе звычайна парушэнні адбываюцца і гэтак далей”.