Экс-начальнік міліцыі Гродна ўцёк, калі на яго пачалі крымінальную справу

Генеральная пракуратура пачала крымінальную справу на былога начальніка Гродзенскай міліцыі Генадзя Хацько. Генерала-маёра падазраюць у перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў. Расследаванне крымінальнай справы перададзена ў Гродзенскую абласную пракуратуру, паведамляе газета "Вечерний Гродно". Аднак на цяперашні час міліцыя не ведае, дзе знаходзіцца  Генадзь Хацько. Паводле непацверджанай інфармацыі, яго сваякі звярнуліся з заявай пра знікненне.

3 лістапада мінулага года Генадзь Хацько прэзідэнцкім указам быў вызвалены з пасады начальніка Гродзенскай абласной міліцыі. Адначасова з генерал-маёрам былі адхіленыя ад працы намеснік начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама, начальнік кіравання фінансаў і тылу — падпалкоўнік міліцыі С. Рудня і начальнік аўтагаспадаркі — падпалкоўнік міліцыі А. Радзікевіч.