Еўрадэпутаты: Еўропе і Беларусі трэба супрацоўнічаць, але пры адной умове

"Падчас сур`ёзнага эканамічнага крызісу Еўропе і Беларусі трэба супрацоўнічаць, але толькі на аснове еўрапейскіх каштоўнасцяў", — заявіў кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Яцэк Пратасевіч 20 лютага ў Мінску на прэс-канферэнцыі па выніках візіту групы еўрадэпутатаў ад фракцыі Еўрапейскай народнай партыі.
Я.Пратасевіч падкрэсліў, што ў Еўрасаюза "шмат добрай волі". "ЕС жадае дапамагчы суседу перажыць складаныя часы, але добрая воля павінна зыходзіць не толькі ад ЕС, але і ад беларусаў. Дапамажыце нам знайсці аргументы, каб дапамагчы вам", — сказаў польскі дэпутат.

Гаворыча аб распачатых у Беларусі зменах, ён зазначыў, што "ў зменаў могуць быць розныя прычыны, але калі працэс пачаўся, ніхто не ведае, як, дзе і калі ён спыніцца".

Кіраўнік дэлегацыі еўрадэпутатаў Крыстафер Бізлі (Вялікабрытанія) зазначыў, што ЕС і Беларусь чакаюць адзін ад аднаго станоўчых сігналаў. Еўрасаюз гатовы дапамагчы, "але не адмаўляецца ад абавязкаў у галіне дэмакратыі". "Усе еўрапейскія структуры будуць паслядоўна падтрымліваць свабоду выказвання, свабоду думкі і свабоду сумлення — у гэтай галіне змен не чакайце", — сказаў дэпутат. Ён выказаўся за ўмацаванне адносін з Беларуссю "пры паралельнай падтрымцы дэмакратычных працэсаў".

БелаПАН