Еўропа прапанавала Мінску такія ж умовы як Расія: заводы ўзамен на крэдыты?

На ўчорашніх перамовах Беніты Ферэры-Вальднер з Аляксандрам Лукашэнкам абмяркоўвалася магчымасць давання Мінску не толькі 10 мільёнаў еўра, але і куды большых сум.
Пра гэта паведамляе расійская газета “Коммерсантъ” са спасылкай на крыніцы, блізкія да перамоў.

Выданне спасылаецца на заяву еўракамісара пра тое, што Брусель у прынцыпе гатовы крэдытаваць Беларусь, але ў абмен на крэдыты Мінск павінен пагадзіцца на прыватызацыю ключавых прадпрыемстваў і іх наступнае набыццё еўрапейскімі інвестарамі.

Гаворка ідзе, першым чынам, пра аб'екты нафтаперапрацоўчага комплексу (Мазырскага і Наваполацкага НПЗ) і калійныя радовішчы.

"Еўрапейцы ў прыватных гутарках адкрыта кажуць, што гатовыя прапанаваць за беларускія прадпрыемствы рынкавы кошт і сур'ёзныя грошы дадуць толькі пад гарантыі іх скупкі",— паведаміў суразмоўца выдання.

Такім чынам, Захад і Расія прапанавалі Мінску, па сутнасці, аднолькавыя ўмовы давання фінансавай дапамогі: крэдыты ў абмен на кантроль над ключавымі аб'ектамі беларускай эканомікі.