Факт незаконнага ўскрыцця скрыні для галасавання разгледзіць Следчы камітэт
Здарэнне адбылося ў Брэсце падчас датэрміновага галасавання на мясцовых выбарах.
Парушэнне выявіў Дзяніс Турчаняк, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты ў гарсавет Валянціны Мальцавай. 18 сакавіка на выбарчым участку №19 скрынку апламбавалі ў прысутнасці двух назіральнікаў, якія сфатаграфавалі пячатку. 22 сакавіка выявілася, што пячатка адрозніваецца ад першапачатковай. Апроч гэтага шнурок, які выкарыстоўваўся для апячатвання, быў прасунуты толькі праз адно "вуха" на крышцы скрыні. Такім чынам адчыняць скрыню можна было неаднаразова, не псуючы пры гэтым пломбу.
Па словах Турчаняка, за парушэнне заканадаўства аб выбарах ён патрабуе распачаць крымінальную справу. Звярнуцца ў Следчы камітэт давераную асобу прымусіла ігнараванне факта іншымі праваахоўнікамі. За два дні на месца здарэння не прыехалі ні міліцыя, ні пракуратура.
Турчаняк: "Сёння (23 сакавіка — Еўрарадыё) ніякіх рэчавых доказаў ужо няма, бо скрыня ўскрытая падчас падліку галасоў. Доказы — гэта толькі фотаздымкі гэтай пячаткі, якія былі зроблены 22 і 23 сакавіка. Але ніякіх дзеянняў з боку праваахоўных органаў у атрыманні доказаў зроблена не было. Як яны цяпер будуць разглядаць маю заяву, вялікае пытанне".
У выніку па 3-й выбарчай акрузе перамагла дзейсная дэпутатка Надзея Леанюк, якая была адзінай апаненткай Валянціны Мальцавай. Турчаняк звяртае ўвагу на тое, што ва ўскрытай скрыні розніца паміж галасамі
амаль 50% — 14,7% супраць 63%. У той жа час у скрыні ў дзень выбараў розніца склала толькі каля 8%.
Ініцыятыўная група Мальцавай будзе намагацца афіцыйна прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі.
Фота з твітара.