Фільм пра царкву “Новае жыццё” намінаваны на прэстыжную польскую прэмію

Дакументальна-публіцыстычны фільм Юрыя Каліны пра мінскую царкву “Новае жыццё” намінаваны на прэмію Grand Press — адну з найбольш прэстыжных журналісцкіх узнагародаў у Польшчы, паведамляе БелаПАН. Гэтая стужка будзе змагацца да ўзнагароду з шасцю іншымі працамі, адабранымі з 46 фільмаў, дасланых на конкурс у катэгорыі “тэлевізійны рэпартаж”. Уручэнне ўзнагародаў адбудзецца ў варшаўскім гатэлі Hilton 15 снежня. Трыццаціхвілінная каляровая стужка “Шанец на новае жыццё” знятая Юрыем Калінай сёлета для тэлеканала “Белсат”. Фільм распавядае пра пратэстанцкую царкву “Новае жыццё”, пра барацьбу яе вернікаў за права на існаванне. Аўтар фільму — тэлежурналіст, рэжысёр шматлікіх дакументальных стужак і рэпартажаў, якія ўдзельнічалі ў міжнародных кінафестывалях. Сярод адзначаных узнагародамі фільмаў Каліны — “Чарнобыльцы”, “Партызанская школа”, “Апошні дыктатар Еўропы”, “Пагоня за праўдай”.