Фінькевіча і актывістаў з "Маладой Беларусі" шукаюць міліцыянты

Увечары 24 сакавіка на кватэру да лідэра руху "Маладая Беларусь" Артура Фінькевіча прыйшоў участковы міліцыянт. Ён паведаміў, што Артуру прысуджаны адміністратыўны арышт паводле пратаколу, складзенага 16 сакавіка. Самога Фінькевіча падчас візіту міліцыянта не было дома. З участковым размаўляла ягоная маці Марыя Фінькевіч.

У той жа самы час міліцыянты наведаліся на кватэру яшчэ аднаго актывіста "Маладой Беларусі" - Андрэя Кузмінскага. Яны сказалі бацькам, што прыехалі "забраць яго на суткі".

Нагадаем, што Артур Фінкевіч і Андрэй Кузмінскі былі затрыманыя 16 сакавіка разам з Яўгенам Афнагелем, Палінай Дзякавай, Паўлам Пракаповічам ды іншымі грамадскімі актывістамі каля будынку Вярхоўнага суду. Яны прыйшлі туды на судовы працэс супраць Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Міхаіла Казлова.