Францужанка і галандзец ўзялі шлюб па-беларуску (фотарэпартаж)

На Лепельшчыне днямі гралі незвычайнае вяселле. Жаніхом на ім быў хлопец з Галандыі,  а нявестай - дзяўчына з Францыі.  Мацільду і Мэна звяла разам агульная праца ў Еўрапейскім цэнтры экалагічнага і агратурызма. Ажаніцца яны вырашылі менавіта ў Беларусі, на Лепельшчыне, бо з прыгожымі беларускімі абрадамі Мэна пазнаёміўся падчас міжнароднага велатуру салідарнасці з турыстычнай Беларуссю.

Падрабязнасці незвычайнага вяселля паведамляе нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская:

"Жаніха і нявесту апранулі ў даматканыя строі з вышыванкамі. Вясковыя бабулькі спявалі для іх традыцыйныя  песні. Каб праверыць каханне на трываласць, разгубленых маладых паставілі ў вогненае кола. Блаславення свайго шлюбу яны прасілі ў магутнага дуба, а каб каханне не пакінула маладых, яго “зачынілі” на замок і выкінулі замок у возера".

Пакаштавалі жаніх і нявеста беларускай самагонкі і традыцыйных вясельных пачастункаў, сярод якіх чамусьці апынуліся традыцыйныя грузінскія шашлыкі.