Французскі фільм пра Нацыянальную бібліятэку Беларусі пакажуць у Мінску

20—22 верасня ў Мінску адбудзецца паказ праграмы французскага відэаарта, якая ўключае фільм пра Нацыянальную бібліятэку Беларусі, паведамляе БелаПАН.

Як паведамілі ў пасольстве Францыі ў Беларусі, фільмы створаныя французскай здымачнай групай на чале з маладым дзеячам мастацтваў Рафаэлем Зарка і рэжысёрам Уладзімірам Леонам. Год назад яны наведалі Мінск, каб зняць фільм аб Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, які атрымаў назву Rhombus Sectus. Падчас свайго цяперашняга візіту французская здымачная група прадставіць відэапраграму, у якую ўключаны і гэты фільм.

Плануецца, што 20 верасня ў 19.00 праграма французскага відэаарта будзе прадстаўлена ў мінскай галерэі сучаснага мастацтва "Ў". 21 верасня праграму можна будзе ўбачыць у Дзяржаўным інстытуце кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ і ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. 22 верасня - у Мінскай кінашколе-студыі.

Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны.Праект рэалізуецца пасольствам Францыі ў Беларусі.