Футбалісты зборнай Беларусі сёння згуляюць з туркамі не лепшым складам

Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі сёння правядуць таварыскі матч супраць каманды Турцыі. Гульню, якая пачнецца на сталічным стадыёне "Дынама" у 20.00, будзе абслугоўваць брыгада арбітраў з Літвы на чале з Паўлюсам Мальжынскасам, паведамілі ў асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола".

Галоўны трэнер нашай зборнай Бернд Штанге ў сённяшняй гульні не зможа разлічваць на некалькіх гульцоў асноўнага складу. У прыватнасці, не будзе двух прадстаўнікоў расійскага "Растова" Сяргея Амельянчука і Аляксандра Кульчыя, а таксама Цімафея Калачова з самарскіх "Крыльев Советов". Пад пытаннем таксама ўдзел у матчы і Ягора Філіпенкі, Паўла Пласконнага і яшчэ некалькіх футбалістаў, якія атрымалі траўмы. У цяперашнім складзе толькі адзін дэбютант - Андрэй Чухлей з мінскага "Дынама", гульня якога зрабіла на настаўніка галоўнай каманды краіны добрае ўражанне. Бернд Штанге вельмі спадзяецца, што, нягледзячы на не самыя лепшыя ўмовы надвор’я, беларускія аматары футбола прыйдуць на трыбуны галоўнай спартовай арэны Беларусі і падтрымаюць зборную. Дарэчы, за суткі да матча ў касах стадыёна "Дынама" было прададзена каля 10 тыс. квіткоў.

Сапернікі беларусаў прыбылі ў Мінск удзень 25 сакавіка, а ўвечары правялі трэніроўку на дынамаўскай арэне. Галоўны трэнер зборнай Турцыі Фаціх Тэрым прывёз на гэты паядынак 30 футбалістаў, асноўную частку якіх складаюць гульцы турэцкіх клубаў. Сярод легіянераў прадстаўнікі клубаў Расіі, Нямеччыны, Грэцыі, Англіі, Іспаніі і Францыі. Для гасцей сустрэча з беларусамі стане адным з этапаў падрыхтоўкі да фінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы, якая пройдзе гэтым летам на палях Аўстрыі і Швейцарыі.

Да гэтага зборная Беларусі гуляла з камандай Турцыі двойчы, прычым абодва разы ў гасцях. У лютым 1996 года туркі перамаглі з лікам 3:2, а ў жніўні 2004 беларусы ўзялі рэванш - 2:1.

БелТА